СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю»
(«Erntefest»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Грэскім, Капыльскім, Пухавіцкім, Слуцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну ў студз.—лютым 1943. Праводзілася на У і З ад аўтадарогі Мінск—Слуцк 13-м паліцэйскім палком СС, батальёнам СС Дырлевангера, 11 ахоўнымі і паліцэйскімі батальёнамі, 3 камандамі СД у складзе айнзатцгрупы паліцыі бяспекі і СД генеральнай акругі «Беларусь». Спроба гітлераўцаў акружыць і знішчыць партыз. фарміраванні правалілася, таму што ўмелымі тактычнымі манеўрамі партызаны выйшлі з блакіраваных раёнаў. У час аперацыі карнікі расстралялі 4325 чал., вывезлі ў Германію больш за 1300 чал., спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Жавалкі (загубілі 512 чал.), Калодзезнае (196 чал.) Капыльскага, Адамова (190 чал.) Слуцкага р-наў; захапілі і вывезлі больш за 2800 галоў буйн. раг. жывёлы, 1500 авечак, 438 т збожжа, вял. колькасць насення лёну і канапель, шкур і інш.
У.С.Пасэ.
т. 14, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)